Кніга паэзіі Алеся Казекі «Песня роднай зямлі» выйшла з друку ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». У яе паэт уключыў творы, якія апяваюць прыгажосць роднай зямлі. А яна для яго не толькі там, дзе была вёска Новы Юзін на Кіраўшчыне, дзе ў 1958 годзе нарадзіўся Аляксандр Мікалаевіч (потым знікла як бесперспектыўная), дзе рос да 12 гадоў, адкуль потым сям’я пераехала ў недалёкую вёску Чачэвічы суседняга раёна, дзе скончыў школу і адкуль паступіў у ваеннае вучылішча. Родная зямля для яго, як і для кожнага з нас, — уся Беларусь. З самага помнага дзяцінства Алесь ведаў, як і ўсе мясцовыя дзеці, найперш ад бацькоў, а потым і ад суседзяў, што вёску іхнюю ў вайну поўнасцю спалілі ворагі, якія знішчалі людзей, і што было тады з навакольнымі сёламі і іх жыхарамі...

І я, зямляк Алеся Казекі, з ім знітаваны: мой род таксама парушыла тая трагедыя. Знітаваны не толькі гэтым, а і генетычнай памяццю пра былое... Чытаючы Алесеву кнігу, доўга не мог адолець адзін твор, а менавіта — паэму «Марыйка»...

Але чытаў вершы... Чытаў паэтычныя апавяданні «Час сяўбы» і «Радоўка», паэму «Медуніца». А «Марыйку» доўга не мог чытаць, калi пазнаёмiўся з яе прадмовай, якая ўспрымаецца як твой, у дадзеным выпадку і мой асабісты, вечны боль... Як пякельны агонь, што абпальвае сэрца, ад якога, адчуваеш, апёк не загоіцца ніколі і не дасць табе спакою, колькі будзеш жыць сярод людзей... Паэма прысвечана «ахвярам спаленых вёсак нашай шматпакутнай зямлі». І маёй вёсцы Бераснёўка нашага з паэтам Кіраўскага раёна, якую ў чэрвені 1942 года дашчэнту спалілі каты: тады жывой яны кінулі ў агонь маю бабулю Вольгу... І, безумоўна, гэты твор Алеся Казекі ўскалыхне балючую памяць многіх і многіх людзей: спаленых фашыстамі вёсак па ўсёй нашай зямлі мноства...

У прадмове паэт папярэджвае: «Гэты твор не з’яўляецца дакументальным, але ў аснову яго пакладзены падзеі, якія сапраўды адбываліся ў жыцці маёй маці Марыі Восіпаўны». Скажу адразу: яго маці, будучы 16-гадовай дзяўчынай, стала сведкам адной з самых жахлівых трагедый, якую ў час вайны фашысты ўчынілі супраць мірнага насельніцтва. А менавіта — трагедыі вёскі Боркі, сямі пасёлкаў, якія ўваходзілі ў яе склад, і навакольных населеных пунктаў: 15 чэрвеня 1942 года тут былі забіты, зажыва спалены, закатаваны дзеці, жанчыны, мужчыны, якія не паспелі пайсці ў партызаны, старыя... Як даюць энцыклапедычныя выданні: «У брацкай магіле, што ў цэнтры вёскі, пахавана 1800 жыхароў». Дарэчы, пра трагедыю Борак і многіх іншых вёсак, што падзялілі яе лёс, мы чытаем у кнізе Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі». У гэтай кнізе-дакуменце, як нагадвае анатацыя да аднаго з перавыданняў, «сабраны запісаныя аўтарамі на працягу 1970–1973 гадоў сведчанні ўцалелых жыхароў з многіх беларускіх вёсак, спаленых фашыстамі разам з людзьмі». У ёй ёсць сведчанні таго жудаснага здарэння ў Борках і навакольных вёсках некаторых з тых 23 мясцовых жыхароў, каму нейкім чынам удалося выжыць. Успамінаў маці паэта няма: калі пісьменнікі збіралі матэрыял, сям’я там ужо не жыла.

Пра паэму «Марыйка» мы многа гаварылі з Алесем, і адчувалася, што калі ён яе пісаў, то трагедыю перажываў усімі аголенымі нервамі сваёй істоты. Перажывае і зараз... Ён быццам бачыў яе на яве, уяўляючы людскія абліччы. Асабліва калі быў, бывае ў Борках на месцы трагедыі ля жалобнай сцяны, дзе «...нявінныя ахвяры мінулай вайны // Неадлучна стаяць на пагорку. // І глядзяць праз сівыя гады // На сучаснасці мірныя з’явы // У надзеі, што свет назаўжды // Адцураецца дзеяў крывавых».

Стаяў і, адпаведна векавому, народнаму, калі людзі, даючы нечаму ў чалавеку ацэнку кажуць: «Увабраў у сябе з малаком маці», разумеў, што і ў яго так. Бо: «Хоць не быў я на гэтай вайне, // Не гарэў, скатаваны ў хаце, // Ды, відаць, гэты боль да мяне // З малаком перадаўся ад маці».

Ізноў маё асабістае адносна паэмы... Мы верым акцёрам, калі яны не проста іграюць, а ўжываюцца ў ролю. І верым пісьменнікам, калі створанае імі хвалюе, выклікае на суперажыванні персанажам твора, хай і выдуманым. Зрэшты, сапраўдны пісьменнік заўсёды зжываецца з лёсам сваіх герояў, інакш чытач яго не пачуе. Алесь Казека не ўжываўся ў тое, пра што пісаў, ён з дзяцінства жыў і жыве ім. (Ён прызнаецца, што і афіцэрам стаў, каб былое не паўтарылася: юнаком абраў сабе прафесію — Радзіму абараняць.) Яно ў яго генетычнай памяці, пра якую мы шмат гаворым, калі ўспамінаем вайну. І гэтая ягоная генетычная памяць — ад маці і бацькі. Паўтаруся, 16-гадовай яна перажыла знішчэнне Борак і навакольных вёсак. А 14-гадовы Мікалай Казека, бацька паэта, быў сведкам трагедыі сваёй вёскі Кострычы, таксама нашага раёна. Калі яе палілі ворагі ў чэрвені 1942-га, выжыў, таму што хаваўся ў лесе. Да вайны ў Кострычах было 140 двароў, 793 жыхары, з якіх загунуў 51 чалавек. Зноў жа — дзеці, жанчыны, старыя... Засталіся жывымі, бо знаходзіліся ў грамадзянскім лагеры, які стварылі партызаны. І калі я кажу пра генетычную памяць, то не магу не вярнуцца да майго папярэдняга матэрыялу «Не маем права забываць» («СГ», № 110 ад 21.10.2019 г.).

Але вернемся да Марыі, маці паэта Алеся Казекі. Як яна тады ўратавалася?.. У той дзень, калі знішчалі Боркі, яна, не ведаючы гэтага, ішла ад мачахі са свайго Новага Юзіна да старэйшай сястры Вольгі. Тая жыла з двума дзеткамі 3 і 6 гадоў і мужам (застаўся жывы, бо знаходзіўся ў іншай вёсцы), братам Аляксандрам, які ўцёк з палону і збіраўся ў партызаны, і запрасіла Марыю кватараваць да сябе. Але каля Борак яе спыніў немец з аховы і не прапусціў...

З лесу бачыла, як палае вёска, чула стрэлы, жудасныя крыкі...

Чытаў паэму, прадмову да якой Алесь Казека пісаў разам са старэйшай сястрой Вольгай (пасля вайны бацькі сваім дзецям далі імёны загінуўшых сястры і брата маці), і думаў, што род маці паэта захаваўся выпадкова. А колькі чалавечых родаў перастала тады існаваць — невядома. Зрэшты, як невядома дакладная лічба загінуўшых тады ў Борках увогуле: кожнае чалавечае жыццё — непаўторнае... Ідзе час, і нашчадкі аднаўляюць іх, гэтыя імёны, са свайго і іншага роду, родаў. І будуць помніць кожнага. Мы ўсе будзем помніць.

«СБ»