Могилевский городской исполнительный комитет

ОФИЦИАЛЬНЫЙ САЙТ

Russian Belarusian English

Выстава «Горад, які быў» пачала працаваць у Магілёве

Выстава «Горад, які быў» пачала працаваць у Магілёве Выстава «Горад, які быў» пачала працаваць у этнаграфічным музеі Магілёва.

У гэтай выставы, як і ў аднайменнай кнігі, шмат аўтараў, але толькі два галоўныя героі — Магілёў і фатаграфія. Дакладней, іх тры. Трэці герой — час.

Перыяд ад канца 70-х да пачатку 90-х мінулага стагоддзя быў і просты, і складаны. Ён увабраў і пік «застою», і бурлівую «перабудову». Менавіта гэты перыяд можна назваць часам «застою» не толькі ў сэнсе палітычным ці эканамічным, але і ў сэнсе ландшафтна-архітэктурным.

Ужо ў наступнае дзесяцігоддзе здарыўся «выбух», у выніку якога горад, як асяродак жыхарства, архітэктурны комплекс, геаграфічны ландшафт, інфраструктура, зазнаў істотныя змены. Але трансфармацыі гарадскога асяродку былі выціснутыя з памяці людзей іншымі зменамі, мабыць, больш значнымі для чалавечага ўспрыняцця.

Магілёўскія фатографы робяць спробу аднавіць гэтую памяць з дапамогай візуальных дакументаў з уласных архіваў — фотаздымкаў — з уласцівай для іх аб`ектыўнасцю і прыўнесенай суб`ектыўнасцю.

Змены, якія адбыліся, спрабуюць глыбей усвядоміць праз успаміны-рэфлексіі і некалькі магілёўцаў, розных па ўзростах і прафесіях, для якіх Магілёў 80-х — гэта горад іх дзяцінства, маладосці, сталення, магчыма, і росквіту.

І тут без суб`ектыўнасці дакладна не абысціся. Іх асабістыя ўспаміны — гэта не толькі вербальнае «тлумачэнне» да фотаздымкаў, але і спроба пошуку адказаў на пытанні аб мінулых зменах. Як яны паўплывалі на камфортнасць пражывання, яго пачуццёвае ўспрыманне, як вырашаліся праблемы захавання гістарычнай спадчыны, ці стала аблічча горада прывабней пасля «еўрарамонту»? Як змена эпох, эканамічныя і палітычныя катаклізмы паўплывалі на горад, на адчуванне ў ім жыхароў і гасцей Магілёва?

Цікава, што ў 90-я зазнала пералом і развіццё фотамастацтва, як і фатаграфія ўвогуле. Пачаткам такіх перамен стала бурнае развіццё каляровай аналагавай фатаграфіі, потым пераход да лічбавых тэхналогій, інтэрнэту, тэлефаніі, якія выціснулі аналагавую фатаграфію на ўскраек фотамастацтва і замкнулі яе ў своеасаблівай рэзервацыі маладых фанатаў і стойкіх прыхільнікаў-ветэранаў. Гэтыя даволі хуткасныя змены таксама патрабуюць свайго асэнсавання, таму «Горад, які быў» — гэта не толькі ўзгадкі пра Магілёў 80-х гадоў, але і вяртанне да чорна-белай плёначнай фатаграфіі.

Наведаць выставу можна да 5 ліпеня.

Рэд.

Выстава «Горад, які быў» пачала працаваць у Магілёве