“Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць...”

Менавіта гэтыя словы з верша Алеся Ставера сталі галоўным матывам да розных форм работы з дзецьмі ў дзяржаўнай установе адукацыі “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 3 г. Магілёва”, раскрываючы асноўную тэму другога тыдня жніўня “Як ты сэрцу майму міла, дарагая Беларусь!”. Выхаванцы кожны дзень адпраўляліся ў цікавае падарожжа па родным краі. Праз тэматычныя гутаркі, беларускія народныя гульні дзеці ўсведамлялі, што ўсе мы, жыхары Беларусі, жывем у вялікім агульным доме – у краіне, якая завецца Рэспубліка Беларусь. 

Кульмінацыяй тыдня стаў тэматычны канцэрт, на якім старэйшыя выхаванцы сталі сапраўднымі артыстамі і, пераапрануўшыся ў беларускія народныя касцюмы, чыталі вершы і спявалі песні пра Беларусь, весела скакалі ў парах пад рытмы “Полькі беларускай”. А дзяўчынкі-беларусачкі падарылі для маленькіх гледачоў свой прыгожы, пяшчотны танец “Купалінка”. На працягу ўсяго канцэрта гучала беларуская народная і сучасная музыка. З цікавасцю дзеці разглядалі вялізны беларускі рушнік. Але ж самым каларытным атрымаўся ў артыстаў нумар “Дзіцячы аркестр народных інструментаў”.

Любіць сваю Радзіму і ганарыцца ёй, шанаваць і паважаць гісторыю і культуру свайго народа – вось асноўныя задачы патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту, якія паспяхова вырашаюцца ў нашай дашкольнай установе.

Шылава І.Л., музычны кіраўнік
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця
дзіцяці № 3 г. Магілёва”

| Печать |