Дзень роднай мовы ва ўстанове дашкольнай адукацыі

Традыцыйна, у рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, у дзяржаўнай установе адукацыі «Яслі-сад № 35 г. Магілёва» прайшоў тыдзень роднай мовы. Ведаць родную мову гэтак жа важна, як і быць патрыётам сваёй краіны і годным яе грамадзянінам.

У малодшых группах выхаванцы слухалі дзіцячыя песенькі на беларускай мове, разглядалі ілюстрацыі беларускіх народных касцюмаў, беларускіх узораў, ляпілі гарлачыкі, свістулькі з салёнага цеста, інсцэнавалі «казку на фартуху» на беларускай мове «Церамок». Увазе бацькоў прапанаваны парады «Восем крокаў насустрач беларускай мове», арганізавана выстава мастацкай літаратуры беларускіх пісьменнікаў «У свеце казкі».

Дзеці старэйшых груп прынялі ўдзел у віктарыне «Мой роды кут», пазнаёміліся з творамі Якуба Коласа «На рэчцы зімою», «Дзед госць», Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык» і арганізавалі выставу дзіцячых малюнкаў «Мой любімы верш». Баяндзіна Алена Віктараўна, выхавальнік дашкольнай адукацыі, правяла з дзецьмі старэйшай " А " групы майстар-клас па вырабу беларускай лялячкі-абярэга.

Для выхаванцаў арганізаваны прагляд мультфільмаў на беларускай мове «Піліпка», «Дзед», «Ліса, мядзведзь і мужык», «Прыгоды Несцеркі».

Акрамя гэтага, у нашай установе дашкольнай адукацыі кожны чацвер аб’яўлены Днём беларускай мовы. Педагогі далучаюць дзяцей да беларускай мовы, выхоўваюць цікавасць да твораў беларускай мастацкай літаратуры і фальклору, знаемяць з творамі беларускіх пісьменнікаў. Усе заняткі ў гэты дзень праходзяць на роднай беларускай мове: дзеці чытаюць казкі і вершы на роднай мове, спяваюць песенькі, гуляюць у народныя рухомыя гульні, вырабляюць аплікацыі, прадметы дызайну з беларускім арнаментам, пазнаюць нешта новае пра традыцыі беларускага народа.

Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА " Яслі-сад № 35 г. Магілёва"
Бераснева Таццяна Леанідаўна

| Печать |