Магілёўшчыне 80 год
15 студзеня 1938 года пачала свой гістарычны шлях родная Магілёўшчына. З нагоды юбілею ў беларускамоўны чацвер вучні і настаўнікі дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва» наведалі выставу «Гісторыя Магілёўскай вобласці», падрыхтаваную супрацоўнікамі бібліятэкі-філіяла № 4 імя М. Лермантава.
Для ўдзельнікаў сустрэчы было наладжана займальнае падарожжа па славутых мясцінах роднага краю. Асабліва цікавым стала знаёмства з гістарычнай і культурнай спадчынай самых буйных і старадаўніх гарадоў Магілёўшчыны. Бабруйская крэпасць пачатку XIX стагоддзя, Быхаўскі замак XVII стагоддзя, Шклоўская ратуша, мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», Свята-Мікольскі жаночы манастыр у Магілёве, Блакітная крыніца, або Сіні калодзеж, у Слаўгарадзе...Цікавым стаў і той факт, што Шклоўская ратуша нават унесена ў каталог помнікаў сусветнай архітэктуры, выдадзены ў ЗША. Таксама прыгадалі рабяты і сем цудаў Магілёўшчыны, сярод якіх — капліца каля вёскі Салтанаўка. Усе гэтыя архітэктурныя і гістарычныя помнікі Магілёўскай вобласці — гераічны і легендарны летапіс жыцця народа, пакінуты нам продкамі.
Таксама на працягу падарожжа гучалі мудрыя і светлыя развагі-цытаты пра беларускі народ, роднае слова, родную Магілёўшчыну.
Вось такой цікавай і незабыўнай стала сустрэча з Прыдняпроўскім краем.
З юбілеем, Магілёўшчына! Дзякуй за перакананасць велічна, з гонарам і годнасцю несці сваё высокае званне — людзі зямлі беларускай!
Аллянкова Н.В.,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры