Радзімай сваёй ганаруся
З нагоды 72-гадавіны Вялікай Перамогі вучні нашай школы наведалі мемарыяльныя комплексы «Курган Славы» і «Хатынь». Экскурсія выйшла цудоўнай, нават надвор’е пасля доўгага пахаладання спрыяла нам.
Вялікае ўражанне ў сэрцах дарослых і дзяцей пакінула экскурсія па гэтых трагічных месцах. Калі мы слухалі экскурсавода пра падзеі ваеннага часу, у жылах стыла кроў. Экскурсія вельмі ўразіла, бо многія з вучняў пасля яе доўгі час моўчкі ехалі ў аўтобусе, думаючы пра нешта сваё.
А ў Мінску мы пазнаёміліся з гісторыяй стварэння НАН Беларусі, яе роляй у жыцці кожнага беларуса. Пасля наведалі дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей і плошчу Якуба Коласа, паэта-юбіляра. Вучні зрабілі цудоўныя фотаздымкі на фоне помніка любімаму паэту і героям яго твораў. Шмат цікавага даведаліся мы і пра слаўную сталіцу нашай непаўторнай Радзімы. Экскурсія пакінула глыбокі след у душы кожнага з нас.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Сярэдняя школа № 9 г. Магілёва»,
Шкоркіна Наталля Мікалаеўна




