Тэхналогія «перавернуты» ўрок як механізм павышэння якасці адукацыі вучняў

29 студзеня 2019 года на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва» адбыўся семінар-практыкум для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры «Сучасныя падыходы да праектавання вучэбных заняткаў па беларускай мове і літаратуры з улікам новых тэнденцый у адукацыі».

На семінары разглядаліся актуальныя пытанні методыкі выкладання беларускай мовы і літаратуры, якія патрэбны для рэалізацыі Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Сёння змест і методыка навучання «павінны быць накіраваны на развіццё такіх якасцей асобы, як здольнасць да самастойных дзеянняў і рашэнняў, да бесперапыннага абнаўлення ведаў і ўдасканалення кампетэнцый».
Сучасная інфарматызацыя грамадства змяніла сацыяльны заказ школе: грамадству патрабуецца чалавек, які ўмее сам прымаць рашэнні, умее працаваць з вялікім аб’ёмам інфармацыі, можа хутка арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы, умее працаваць у камандзе.
Метадыст Дзяржаўнай установы па навукова-метадычным забеспячэнні ўстаноў адукацыі горада Магілёва Аліноўская А.В. акрэсліла сутнасць тэхналогіі змешанага навучання, пазнаёміла з базавымі і найбольш эфектыўнымі мадэлямі змешанага навучання ў школе: «перавернуты» ўрок, ратацыя станцый, ратацыя лабараторый і гнуткая мадэль.
Настаўнікі ДУА «Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва» А.В. Доўгая, І.Я. Грыгор’ева падрабязна азнаёмілі прысутных з тэхналогіяй «перавернуты» ўрок, падзяліліся вопытам работы ў гэтым кірунку. Удзельнікі семінара разгледзелі электронныя адукацыйныя рэсурсы, распрацаваныя Нацыянальным інстытутам адукацыі, абмеркавалі прымяненне QR-кодаў, трэнажораў, інтэрактыўных заданняў па раздзелах падручнікаў «Беларуская мова», «Беларуская літаратура», а таксама стварэнне ўласных электронных адукацыйных матэрыялаў.
У час працы семінара вызначылі і праблемы выкарыстання змешанага навучання. Напрыклад, што рабіць, калі вучань з нізкай матывацыяй не хоча выконваць пошукавыя заданні ў інтэрнэце? Калі бацькі самі накіроўваюць дзіця на сайты гатовых дамашніх заданняў, пры гэтым спасылаючыся на нормы СанПіНу?
Сутыкаючыся з гэтымі пытаннямі, прыйшлі да высновы, што трэба іх вырашаць паступова: рыхтаваць бацькоў да новых тэндэнцый у адукацыі, тлумачыць ім нормы ацэнкі, прапаноўваць дзецям «неінтэрнэтныя» інтэрактыўныя заданні і заўсёды дэманстраваць паказчыкі і вынікі павышэння матывацыі дзяцей.
Падчас практычнай часткі семінара педагогі распрацавалі алгарытм для падрыхтоўкі да «перавернутага» урока, мадэлявалі элементы такіх урокаў па беларускай мове і літаратуры.
Удзельнікі семінара прыйшлі да высновы, што перавернутае навучанне развівае не толькі вучня, але і настаўніка. Пры выкарыстанні дадзенай тэхналогіі настаўнік, у першую чаргу, удасканальвае свае навыкі самаадукацыі. Гэта актывізуе яго асэнсавана выбіраць для вучня актыўныя формы работы як дома, так і на ўроку, накіроўваць дзяцей на творчую пошукавую працу. А калі вучань знаходзіць адказы на пастаўленыя пытанні, дакладна фармулюе свае думкі, ведае прымяненне новай інфармацыі, то ён зможа самарэалізавацца і быць паспяховым і ў далейшым жыцці.

І.Я. Грыгор’ева,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Сярэдняя школа № 35 г. Магілёва»

| Печать |