Адзіны дзень маўлення як форма работы настаўнікаў па папулярызацыі беларускай мовы

18 кастрычніка 2018 года на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 1 г. Магілёва» прайшоў гарадскі семінар «Падтрымка і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі: з вопыту работы па правядзенні адзіных дзён беларускага маўлення».

У семінары прынялі ўдзел настаўнікі беларускай мовы і літаратуры ўстаноў адукацыі горада Магілёва.

Святочна сустрэла школа сваіх гасцей. Для ўдзельнікаў семінара прагучалі песні і вершы ў выкананні навучэнцаў VI і VII класаў.Самым эмацыянальным і яркім стала выступленне вучня VII класа Вежнаўца Рамана, які чытаў на памяць верш П.Броўкі «Калі ласка». Менавіта гэтыя чароўныя словы беларускай мовы суправаджалі нашых гасцей на працягу ўсяго семінара.
Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Сільвестрава Жанна Уладзіміраўна і Буякова Святлана Міхайлаўна ў сваіх выступленнях «Адзіны дзень маўлення як форма работы настаўнікаў па папулярызацыі беларускай мовы», «Работа з бацькамі як эфектыўны рэсурс павышэння сферы выкарыстання беларускай мовы» прадставілі вопыт работы школы ў адзіныя дні маўлення.

Прадметны кірмаш, арганізаваны настаўнікамі фізікі, гісторыі, біялогіі, матэматыкі, стаў своеасаблівым адпачынкам для ўсіх удзельнікаў семінара. Шмат цікавага і карыснага даведаліся яны на кірмашы.

Кульмінацыяй семінара стала дэманстрацыя вопыту правядзення мерапрыемстваў у адзіны дзень маўлення. Літаратурную гасцёўню «Малая радзіма ў творчасці пісьменнікаў-землякоў» правяла загадчык бібліятэкі Руднева Алена Васільеўна. Асобная старонка гасцёўні была прысвечана паэтам-магіляўчанам, якія наведвалі нашу школу і выступалі перад вучнямі.
Навічонак Наталля Генадзьеўна запрасіла гасцей на вячоркі. Да вясёлай гаспадыні прыйшлі дзяўчынкі, каб разам правесці час. Яны гаварылі пра свята Пакровы, спявалі народныя аўтэнтычныя песні, вадзілі карагоды, адгадвалі загадкі.

Іванова Вольга Усеваладаўна правяла гульню-спаборніцтва «Родная мова — родныя словы». Каманды вучняў прымалі ўдзел у мовазнаўчых конкурсах «Хованкі», «Перакладчыкі», «Складзі прыказку».

На працягу ўсяго семінара ішла гаворка пра выхаванне нацыянальнай самасвядомасці, адказнасці за далейшы лёс роднай мовы.

Жывы кантакт педагогаў, жывое беларускае слова, што гучала з вуснаў кожнага, хто меў жаданне сказаць, — усё з першых момантаў прыцягвала ўвагу.
Няхай жывое маўленне стане лепшай формай работы настаўнікаў па папулярызацыі беларускай мовы.

Сільвестрава Ж.У.,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.Магілёва»

| Печать | E-mail