• Главная
  • Юрый Уладзіміравіч Каласоўскі

Юрый Уладзіміравіч Каласоўскі

Юрый Уладзіміравіч Каласоўскі — настаўнік беларускай мовы і літаратуры, творчы, актыўны педагог.

Каласоўскі Юрый Уладзіміравіч нарадзіўся 20 снежня 1981 года ў г. Магілёве. У 1997 г. пасля заканчэння дзевяці класаў сярэдняй школы № 41 паступіў у Магілёўскі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны тэхнікум на спецыяльнасць «Электраэнергетыка», які скончыў з адзнакай у 2001 г. На працягу навучання ў тэхнікуме Юрый Уладзіміравіч станавіўся неаднаразовым пераможцам рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове і літаратуры, што дазволіла яму без уступных экзаменаў у 2001 г. паступіць у Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава на факультэт беларускай філалогіі і культуры. У 2006 г. Юрый Уладзіміравіч з адзнакай скончыў ВДУ імя П.М. Машэрава, атрымаўшы кваліфікацыю «Настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Літаратурны работнік». Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 2006-2007 гг. Юрый Уладзіміравіч служыў у транспартных войсках Рэспублікі Беларусь у г. Слуцк.

З 2007 года Юрый Уладзіміравіч працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ДУА «Магілёўская гарадская гімназія № 1».

На працягу сваёй працы ў гімназіі Юрый Уладзіміравіч зарэкамендаваў сябе як педагог, які на ўроках імкнецца не толькі даць дзецям грунтоўныя веды, але таксама прывіць пачуццё любові да сваёй краіны, паказаць прыгажосць і непаўторнасць нашай Радзімы. Менавіта таму на сваіх уроках ён выкарыстоўвае прыём «Падарожжы ў прасторы і часе», калі дзеці адначасова з ведамі па мове і літаратуры атрымліваюць цікавыя звесткі па гісторыі і геаграфіі Беларусі. Нягледзячы на невялікі стаж працы ў гімназіі, Юрый Уладзіміравіч падрыхтаваў некалькі пераможцаў гарадскога і абласнога этапаў рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове. У 2012 г. ён быў узнагароджаны ганаровай граматай аддзела адукацыі Магілёўскага гарвыканкама.

Ужо трэці год Юрый Уладзіміравіч з’яўляецца рэдактарам гімназічнай газеты «Статус-кво», дадатак да якой «Літара» ў 2012 г. заняў першае месца на гарадскім конкурсе школьных электронных газет.

Трэба таксама адзначыць і тое, што гімназічная каманда «Еўра-М» пад кіраўніцтвам Ю.У. Каласоўскага тры гады запар станавілася фіналістам рэспубліканскага конкурса школьных каманд «Што я ведаю пра Еўропу?».

Увогуле, Юрый Уладзіміравіч — вельмі рознабаковы чалавек, пра што сведчаць яго захапленні і інтарэсы. Так, на працягу апошніх дзесяці гадоў ён актыўна падарожнічае па Беларусі, наведаўшы 116 са 118 раёнаў нашай краіны. Ведамі, набытымі падчас вандровак па Беларусі і за яе межамі, ён актыўна дзеліцца з сваімі вучнямі.

Юрый Уладзіміравіч свабодна валодае польскай мовай, займаецца перакладамі польскай паэзіі і прозы, друкуецца ў гарадскіх і рэспубліканскіх выданнях. Так, у 2013 годзе ў часопісе «Народная асвета» быў надрукаваны артыкул Ю.У. Каласоўскага, у якім ён абагульняе свой вопыт выкарыстання краязнаўчага матэрыялу ў педагагічнай дзейнасці.

Таксама Юрый Уладзіміравіч пастаянна імкнецца вывучаць і выкарыстоўваць на сваіх уроках перадавыя педагагічныя тэхналогіі. Так, у бягучым навучальным годзе ён з’яўляецца ўдзельнікам інтэрнэт-курса па тэхналогіі актыўнай ацэнкі. Пры гэтым сваім вопытам па ўкараненні элементаў актыўнай ацэнкі ў педагагічную дзейнасць, набытым падчас семінараў у Літве і Польшчы, Юрый Уладзіміравіч актыўна дзеліцца з калегамі, выступаючы на пасяджэннях метадычнага аб’яднання, на педагагічных саветах.

Таксама Юрый Уладзіміравіч — гэта чалавек, які не толькі вядзе здаровы лад жыцця, але і вельмі любіць спорт і займаецца ім. Так, Юрый Уладзіміравіч займаецца стаерскім бегам. Толькі на працягу 2012 г. ён стаў пераможцам прабегаў у Капылі, Гомелі, Жлобіне, Мінску, а таксама прыняў удзел у Варшаўскім марафоне, дзе заняў досыць высокае 140-е месца сярод 7000 удзельнікаў гэтага спартыўнага свята.

Безумоўна, грунтоўным падмуркам педагагічнай дзейнасці Ю.У. Каласоўскага з’яўляецца яго сям’я. Юрый Уладзіміравіч разам з жонкай выхоўваюць двух сыноў.

Такім чынам, творчае крэда Юрыя Уладзіміравіча Каласоўскага — лацінскі афарызм Docendo discimus (навучаючы, вучыцца самому) вельмі добра характарызуе не толькі яго настаўніцкую дзейнасць, але і ўвесь стыль жыцця гэтага чалавека.

| Печать | E-mail